Сушы: макі з ласосем і агурком

сушы: макі з ласосем і агурком

Спатрэбіцца:
Рыс: 350 мл.
Вада для гатаваньня: 400 мл.
Сушы-воцат: 50 мл.
Водарасьці норы: 5 лістоў
Слабасалёны ласось: 200 гр.
Агуркі: 200 гр.
Воцат: 100 мл.
дадаткова:
бамбукавы дыванок
вельмі востры нож

Прыгатаваньне:
1. Згатаваць рыс для сушы з адпаведнымі прапорцыямі.

2. Для прыгатаваньня аднаго рола бярэцца ліст норы памерам ад паловы да цэлага. Чым болей кампанентаў начынкі, тым большы патрэбны ліст. Для сушы з ласосем і агурком я укарочваю стандартны ліст прыблізна на 3 см.
Ліст норы кладзем гладкім бокам на дыванок, шурпатым дагары.

suszy_01.jpg

Цяпер патрэбна падрыхтаваць сумесь вада+воцат у роўнай прапорцыі (100мл+100мл), каб змочваць рукі і потым нож.

Змочваем рукі ў сумесі воцата і вады і разьмяркоўваем рыс на лісьце тонкім слоем, але без прагалінаў; прыблізна 1.5 см норы пакідаем бяз рысу.

suszy_02.jpg

На сярэдзіну выкладаем палоскі рыбы і агурка.

suszy_03.jpg

Бярэм за край дыванка і загортваем у рулецік, трошкі сьціскаем па бакох.

suszy_04.jpg

Палоску бяз рысу змочваем сумесьсю воцата і вады і загортваем да канца, атрымліваецца такі рулецік.

suszy_05.jpg

Калі па бакох вылез рыс, акуратна падраўніваем змочаным нажом.

suszy_06.jpg

Разразаем рол на дзьве роўныя часткі і складваем разам. Кожны раз нож патрэбна змочваць у сумесі вады з воцатам, інакш да яго будзе ліпнуць рыс і рэзаць будзе складана.

suszy_07.jpg

Цяпер рэжам дзьве паловы адначасова, кожную на 3-4 часткі. Атрымліваюцца вось такія сушы.

suszy_08.jpg

Да сушы падаць соевы соус, васабі, марынаваны імбір.
Калі нешта засталося незразумелым, раю паглядзець відэа “Як рабіць макі з агурком (анг.)“.

5 Responses to “Сушы: макі з ласосем і агурком”

  1. lavitae says:

    Дзе такія водарасьці бяруцца?

  2. talerka says:

    Я на Камароўцы набываю – на крытым кірмашы, там насупраць галоўнага уваходу на 2-м паверсе крамка (10 лістоў каштуюць 6 тыс.). Там жа на вуліцы ёсьць пару шапікаў. Яшчэ ў Кароне, Бігзе бываюць…

    Толькі, якія ж сушы бяз соевага соусу? :)

  3. lavitae says:

    І сапраўды.. Відаць, не маё..(
    А ці ведаеце месца, дзе іх можна пакаштаваць, каб не задорага?

  4. talerka says:

    Гэтых сушы-бараў і рэстарацыяў ужо шмат разьвялося… :)
    Можна ў “Манга” схадзіць (на пл. Я. Коласа над мастацкай галерэяй), кошты сярэднія, удзень да 17.00 зьніжка 30%. Можна замовіць палову порцыі, каб пакаштаваць…

  5. Szmyz says:

    Сёньня хадзілі ў тую Мангу, паелі на 40 тышч на дваіх.

Leave a Reply

You must be logged in to post a comment.