Archive for February, 2008

Яблычныя колцы

Thursday, February 28th, 2008

яблычныя колцы : яблычныя аладкі

Спатрэбіцца:
Кефір: 200 мл
Цукар: 1 лыжка
Ванільны цукар: 1 мал. лыжка
Яйкі: 1 шт.
Разрыхляльнік для цеста: 1 мал. лыжка
Мука: 1 шклянка
Яблыкі: 2-3 шт.
Цукровая пудра: 1 лыжка
Алей

Прыгатаваньне:
1. Кефір зьмяшаць з цукрам (звычайным і ванільным) і яйкам. Муку прасеяць, дадаць разрыхляльнік, зьмяшаць з кефірнай сумесьсю.

2. Яблыкі абабраць, выразаць асяродак, нарэзаць колцамі таўшчынёй ~5 мм. Разагрэць патэльню з алеем. Кожны скрылік абмакнуць у цеста, пячы на невялікім агні да зарумяньваньня. Гатовыя колцы пасыпаць цукровай пудрай.

Расольнік з грыбамі

Sunday, February 24th, 2008

расольнік з грыбамі

На 6 порцый:
Ячневыя крупы: 1/2шклянкі
Пячурыцы: 200 гр.
Бульба: 2 шт.
Морква: 1 шт.
Салёныя агуркі: 4-5 лыжак (таркаваных)
Зялёны кроп
Соль, Алей

Прыгатаваньне:
Ячневыя крупы заліць халоднай вадой і пакінуць на некалькі гадзінаў, можна на ноч. Потым прамыць, заліць вадой і гатаваць да мяккасьці. Дадаць парэзаную бульбу і моркву, пасаліць. Грыбы пакрышыць, абсмажыць і таксама дадаць у суп. Таркаваныя гуркі патушыць на патэльні 10-15 хвілінаў, дадаць у рондаль, калі бульба стане мяккай. Можна дадаць трошкі расолу. Усыпаць кроп, паварыць 5 хвілінаў. Можна есьці адразу, але лепей, каб расольнік настаяўся гадзіну-дзьве.

Мясны рулет, фаршыраваны яйкамі

Friday, February 22nd, 2008

мясны рулет, фаршыраваны яйкамі

Спатрэбіцца:
Мяса (сьвініна напалову зь ялавічынай): 800гр.
Батон: 2 скібкі
Малако: 100 мл
Морква вараная: 1 шт.
Яйкі: 4 шт.
Часнок: 1 зубок
Спэцыі для мяса: 1 мал. лыжка
Булён: 500 мл.
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Згатаваць 3 яйкі.

2. З батона зрэзаць скарынку, мякіш замачыць у малацэ. Моркву дробна патаркаваць. Мяса здрабніць кухонным камбайнам ці на мясарэзцы, дадаць размочаны батон, моркву, 1 сырое яйка, соль, спэцыі, часнок, усё перамяшаць. З фаршу сфармаваць батон, зрабіць у ім разорку, пакласьці аблупленыя яйкі і закрыць зьверху фаршам.

3. Бляху змазаць алеем, выкласьці на яе рулет і абсмажыць з усіх бакоў, уліць булён і тушыць ~50 хвілінаў пры 200° С.

Хатні сыр для канапак

Tuesday, February 19th, 2008

хатні сыр для канапак

Спатрэбіцца:
Тварог нятлусты: 1 пачак (250 гр.)
Масла: 50 гр.
Сода: 1/4 мал. лыжкі
Яйкі: 1 шт.
Соль, кроп, папрыка, іншыя дадаткі – на свой густ

Прыгатаваньне:
1. Тварог расьцерць з содай, пакінуць на 1-1.5 гадзіны.

2. Дадаць мяккае масла, яйка, соль, добра перамяшаць. Для смаку можна дадаць папрыку, зялёны кроп, іншыя зёлкі – сьвежыя ці сухія. Гатаваць на сярэднім агні, памешваючы, пакуль сыр не расплавіцца. Выкласьці ў ёмістасьць, закрыць накрыўкай і астудзіць.

Вафельныя трубачкі

Sunday, February 17th, 2008

вафельныя трубачкі

Спатрэбіцца:
Масла: 200 гр.
Яйкі: 5 шт.
Цукар: 1 шклянка
Мука: 1-1.25 шклянкі
прыстасаваньні:
вафельніца

Прыгатаваньне:
Масла растапіць на маленькім агні, каб не закіпела, трошкі астудзіць. Дадаць цукар і яйкі, добра вымясіць. Дадаць муку, дбайна перамяшаць. Вафельніцу разагрэць, накладаць па лыжцы цеста, пячы да зарумяньваньня. Гарачую вафлю зьняць лапаткай, адразу згарнуць трубачкай, пакуль не застыла.

Часночная салата з крабавым мясам

Saturday, February 16th, 2008

часночная салата з крабавым мясам

Спатрэбіцца:
Памідоры: 2-3 шт.
Пекінская капуста: 4 сярэднія лісты
Крабавае мяса: 200 гр.
Часнок: 2 зубкі
Маянэз, сьмятана: па 3 лыжкі
Соль: ~1/3 мал. лыжкі

Прыгатаваньне:
Часнок здрабніць і зьмяшаць з маянэзам, сьмятанай ды сольлю. Парэзаць памідоры, капусту і крабавае мяса, заправіць прыгатаваным часночным соусам.

Грэцкая каша з грыбамі

Monday, February 11th, 2008

грэцкая каша з грыбамі

На 4 порцыі:
Грэцкія крупы: 1 шклянка
Пячурыцы: 300 гр.
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Пячурыцы памыць і дробна парэзаць. На разагрэтую патэльню наліць 2-3 лыжкі алею, усыпаць грыбы і смажыць на маленькім агні, пакуль не выпарыцца вадкасьць. Напрыканцы дадаць 1/4 мал. лыжкі солі.

2. Згатаваць рассыпістую грэцкую кашу: на 1 шклянку круп дадаць 2 шкл. вады, закіпяціць, зьменьшыць агонь, пасаліць і варыць пад накрыўкай, пакуль ня выпарыцца вада. Пакінуць настаяцца яшчэ 8-10 хвілінаў.

3. У кашу дадаць грыбы, перамяшаць.

Бульбяное печыва

Saturday, February 9th, 2008

бульбяное печыва да піва

Склад:
Бульба: 800 гр.
Алей: 100 мл.
Соль: 1 мал. лыжка (бяз горкі)
Сода: 1/2 мал. лыжкі
Расол: 50 мл. (ці паўлыжкі воцату)
Мука: 1 шклянка
Кунжут ці каляндра, кмен – на свой густ

Прыгатаваньне:
Бульбу зварыць, абабраць, патаўчы пакуль гарачая ці дробна натаркаваць. Дадаць соль, зьмяшаную з расолам соду, алей, добра перамяшаць. Дадаць муку і замясіць цеста.
Цеста раскатаць таўшчынёй ~0.5 см, разрэзаць на палоскі, выкласьці на змазаную алеем бляху, пасыпаць кунжутам, пячы ў разагрэтай духоўцы да зарумяньваньня.
Падаваць да піва. :piva:

Слоенае тварожнае печыва

Tuesday, February 5th, 2008

слоенае тварожнае печыва

Склад:
Тварог: 1 пачак (250 гр.)
Масла ці маргарын: 75 гр.
Мука: 1/2 шклянкі
Яйкі: 1 вялікае ці 2 малых
Сода: 1/4 мал. лыжкі
Цукар: ~1/4 шклянкі

Прыгатаваньне:
1. Тварог разьмяць, дадаць соду і яйкі. Масла пацерці на буйную тарку, дадаць муку, замясіць цеста і пакласьці ў маразілку на 20 хвілінаў.

2. Цеста раскатаць таўшчынёй 3-5 мм, выразаць кружкі. Цукар высыпаць на талерку. Абмакнуць адзін бок кружка ў цукар, скласьці ўдвая і зноў абмакнуць адзін бок у цукар, скласьці яшчэ раз, каб атрымаўся трохкутнік, і яшчэ раз у цукар. Бляху прыцерушыць мукой, выкласьці печыва. Пячы ў разагрэтай духоўцы пры 200° С ~20 хвілінаў.

Курыныя кішэнькі з сырам і вяндлінай

Friday, February 1st, 2008

курыныя кішэнькі з сырам і вяндлінай

На 2 порцыі:
Курынае мяса: 1 грудка
Вяндліна: 2 скрылікі
Сыр: 30 гр.
Яйка: 1 шт.
Сухары для паніроўкі, соль, спэцыі
Алей

Прыгатаваньне:
1. Курыную грудку разрэзаць на 2 часткі. У кожным кавалку збоку зрабіць надрэз, каб атрымалася кішэнька. Скрылік вяндліны скласьці ўдвая, унутар пакласьці сыр, усё разам пакласьці ў кішэньку, краі загарнуць унутар.

2. Мяса звонку нацерці сольлю са спэцыямі, абмакнуць у яйка, укачаць у сухары. Смажыць на разагрэтай патэльні з двух бакоў да зарумяньваньня, потым паменьшыць агонь і патушыць пад накрыўкай 10 хвілінаў.