Archive for November, 2007

Курыныя рулецікі з кропам

Thursday, November 29th, 2007

курыныя рулецікі з кропам

На 2 порцыі:
Курынае філе (грудкі): 300-400гр.
Масла: 1 лыжка
Зялёны кроп: 1 лыжка
Мука: 2 лыжкі
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Курынае мяса разрэзаць на тонкія пласткі, добра адбіць, парэзаць на невялікія кавалкі. Кожны кавалак пасаліць з абодвух бакоў.

2. Кроп дробна парэзаць, зьмяшаць зь мяккім маслам.

3. На край кожнага кавалку мяса пакласьці па кавалачку масла з кропам, скруціць рулецікам, укачаць у муку. Смажыць на алеі да зарумяньваньня.

Рыба смажаная з сырам

Saturday, November 24th, 2007

рыба смажаная з сырам

Склад:
Рыба (хек ці інш.): 750 гр.
Мука: 2-3 лыжкі
Яйкі: 1 шт.
Сыр цьвёрды: 100-150гр.
Алей, соль

Прыгатаваньне:
1. Рыбу парэзаць на кавалкі. Сыр пацерці на буйную тарку, яйка раскалаціць з сольлю, муку высыпаць на асобную талерку.

2. Рыбу укачаць у муку, абмакнуць у яйка, укачаць у сыр. Смажыць на невялікім агні да залацістага колеру.

Салата з гарошкам

Friday, November 23rd, 2007

зімовая салата з гарошкам

Склад:
Бульба: 2-3 шт.
Морква: 1 шт.
Яйкі: 3 шт.
Салёныя агуркі: 2-3 маленькія
Гарошак (кансэрваваны): 200-250 гр.
Кілбаса вараная (ці вар. ялавічына): 150-200 гр.
Маянэз: ~100 гр.
Соль

Прыгатаваньне:
Можа нехта забыўся на рэцэпт гэтай салаты :) .
Яйкі, бульбу, моркву зварыць і абабраць. Усё парэзаць маленькімі кубікамі, усыпаць гарошак, пасаліць, дадаць маянэз. Сюды ж можна дадаць зялёную цыбулю, салёны агурок замяніць сьвежым, а кансэрваваны гарошак адварным зялёным.

Рыс з грыбамі

Wednesday, November 21st, 2007

рыс з грыбамі

На 4 порцыі:
Рыс: 1 шклянка
Грыбы: 200-300 гр.
Морква, цыбуля: па 1 шт.
Алей, соль

Прыгатаваньне:
Грыбы дробна парэзаць, падсмажыць на алеі разам з морквай і цыбуляй. Усыпаць рыс і смажыць яшчэ 2-3 хвіліны. Дадаць 2 шклянкі вару, падсаліць, даць закіпець. Пасьля зрабіць агонь як мага малым, закрыць патэльню накрыўкай з адтулінай і варыць 15 хвілінаў. Адключыць, пакінуць яшчэ на 5-10 хвілінаў.

Аўсянае печыва (2)

Saturday, November 17th, 2007

аўсянае печыва

Для цеста:
Аўсяныя шматкі: 1 шклянка
Сьмятана: 3 лыжкі
Вада: 3 лыжкі
Масла : 70 гр.
Цукар: 0.5 – 0.75 шклянкі
Яйкі: 1 шт.
Мука: 1 шклянка
Разрыхляльнік: 1 мал. лыжка
Ванільны цукар: 1 маленькая лыжка
Імбір, цынамон: па палове малой лыжкі

Прыгатаваньне:
1. Шматкі зьмяшаць зь цёплай вадой і сьмятанай, пакінуць на 10 хвілінаў. Пасьля дадаць яйка, цукар звычайны і ванільны, мяккае масла, усё перамяшаць. У апошнюю чаргу дадаць імбір, цынамон, разрыхляльнік, муку. Замясіць цеста, паставіць у холад на 20-30 хв.

2. Цеста раскатаць таўшчынёй ~1 см, выразаць пячэнікі, пячы ў духоўцы пры тэмпературы 170°С да зарумяньваньня (~15хв.).
Печыва атрымліваецца хрусткае, але мяккае знутры.

Квяцістая капуста ў кляры

Wednesday, November 14th, 2007

Квяцістая капуста ў кляры

На 2 порцыі:
Квяцістая капуста: 500-600 гр.
Яйкі: 1 шт.
Маянэз: 3 лыжкі
Мука: 2 лыжкі
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Капусту разабраць на суквецьці, адварыць у падсоленай вадзе 2-3 хвіліны. Зьліць ваду, асьцюдзіць і падсушыць.

2. Яйка раскалаціць з маянэзам, дадаць муку і перамяшаць. Уліць сумесь у капусту, асьцярожна перамяшаць.

3. Алей разагрэць на патэльні. Суквецьці выкласьці ў патэльню і абсмажыць з усіх бакоў да залацістага колеру.

Грэцкія бліны

Friday, November 9th, 2007

грэцкія бліны

Для цеста:
Грэцкія шматкі: 1 шклянка
Мука: 4 лыжкі
Малако: 1.75 шклянкі
Яйкі: 4 шт.
Алей: 2 лыжкі
Соль

Прыгатаваньне:
1. Шматкі заліць гарачаватым малаком, пакінуць на 5 хвілінаў. Асобна ўзьбіць яйкі з сольлю, дадаць шматкі, муку і алей. Усё добра перамяшаць і пакінуць яшчэ на 20 хвілінаў.

2. Патэльню разагрэць, змазаць алеем ці маслам. Цеста наліваць тонкім слоем, пячы да залацістага колеру, перавярнуць блін і пячы зь іншага боку з паўхвіліны.

Курыны суп

Tuesday, November 6th, 2007

курыны суп

На 5-6 порцый:
Мяса курынае: 300 гр.
Морква: 2 шт.
Дробныя макароны: 70 гр.
Спэцыі: 2 лаўровых лістка, чорны і духмяны перац – па 2 бобкі
Зялёны кроп, соль

Прыгатаваньне:
1. Зварыць мясны булён: мяса пакласьці ў рондаль, заліць халоднай вадой, давесьці да кіпеньня. Зьняць пенку, пасаліць, дадаць спэцыі, варыць 20-30 хвілінаў.

2. Моркву абабараць і дробна парэзаць. Дастаць мяса і спэцыі, усыпаць моркву, варыць каля 10 хвілінаў. Дадаць макароны ці локшыну, гатаваць 2-3 хв. ці болей, у залежнасьці ад гатунку. Напрыканцы дадаць парэзанае мяса і кроп, закіпяціць і суп гатовы.

Бульбянікі з грыбамі

Thursday, November 1st, 2007

бульбянікі з грыбамі

Для цеста:
Бульба: 1кг
Яйкі: 1 шт.
Мука: 2-3 лыжкі
Соль

Для начынкі:
Грыбы (пячурыцы ці інш.): 250гр.
Алей: 2 лыжкі
Соль

Прыгатаваньне:
1. Бульбу абабраць, зварыць у падсоленай вадзе, адцадзіць і патаўчы. Трошкі асьцюдзіць, дадаць яйка, перамяшаць. Усыпаць муку і добра перамяшаць.

2. Грыбы дробна парэзаць, смажыць на патэльні з алеем, пакуль ня выпарыцца вадкасьць. Падчас смажаньня грыбы патрэбна пасаліць.

3. Бульбу ўзяць лыжкай, укачаць у муку, зрабіць ляпешку, на сярэдзіну пакласьці грыбы, краі злучыць, каб атрымаўся круглы піражок. Зрабіць тое самае з усім цестам. Абсмажыць на разагрэтай патэльні ў невялікай колькасьці алею з двух бакоў.