Archive for October, 2007

Агародніна з рысам

Monday, October 29th, 2007

гародніна з рысам

На 4 порцыі:
Агародніна (любая на свой густ): ~400 гр.
Рыс: 1 шклянка
Булён (мясны ці з агародніны): 2 шклянкі
Алей: 1 лыжка
Соль

Прыгатаваньне:
1. У глыбокай патэльні разагрэць алей, дадаць рыс і памешваючы падсмажыць яго 2 хвіліны. Дадаць гарачы падсолены булён, перамяшаць рыс, даць закіпець. Пасьля зрабіць агонь як мага малым, закрыць патэльню накрыўкай з адтулінай і варыць 15 хвілінаў. Падчас варкі уздымаць накрыўку і памешваць рыс не патрэбна. Адключыць рыс, пакінуць яшчэ на 5-10 хвілінаў.

2. Пакуль гатуецца рыс, агародніну парэзаць і адварыць у падсоленай вадзе 5-7 хвілінаў. Зьліць ваду, зьмяшаць агародніну з рысам. Падаваць як гарнір ці як самастойную страву.

Боршч з марынаваных буракоў

Sunday, October 28th, 2007

боршч з марынаваных буракоў

На 6 порцый:
Мяса курынае: 300 гр.
Марынаваныя буракі: 1 слоік (0.5 л)
Бульба: 2 шт.
Морква: 1-2 шт.
Спэцыі: 2 лаўровых лістка, чорны і духмяны перац – па 2 бобкі
Соль

Прыгатаваньне:
1. Зварыць мясны булён: мяса пакласьці ў рондаль, заліць халоднай вадой, давесьці да кіпеньня. Зьняць пенку, пасаліць, дадаць спэцыі, варыць 20-30 хвілінаў.

2. Бульбу і моркву абабараць і дробна парэзаць. Дастаць мяса і спэцыі, усыпаць бульбу з морквай. Варыць 10-15 хвілінаў. Мяса парэзаць кубікамі, пакласьці ў рондаль. Дадаць парэзаныя буракі. Даць закіпець. Падаваць са сьмятанай.

Брокалі запечаная з сырам

Tuesday, October 23rd, 2007

брокалі запечаная з сырам

На 2 порцыі:
Брокалі: 400 гр.
Яйкі: 2 шт.
Сьмятана: 100 гр.
Сыр: 100 гр.
Алей ці масла: 1 лыжка

Прыгатаваньне:
Брокалі разабраць на суквецьці, адварыць у падсоленай вадзе 3-4 хвіліны. Яйкі узьбіць са сьмятанай, дадаць таркаваны сыр.
Нагрэць духоўку да 200°С. Форму змазаць алеем ці маслам, выкласьці брокалі, заліць сырнай сумесьсю. Запякаць каля 10 хвілінаў.

Аўсянае печыва

Monday, October 22nd, 2007

аўсянае печыва
крыніца: allrecipes.com

Для цеста:
Аўсяныя шматкі: 3 шклянкі
Масла (альбо маргарын): 150 гр.
Цукар: 1 шклянка
Яйкі: 1 шт.
Вада: 60 мл
Мука: 1 шклянка
Разрыхляльнік: 1 мал. лыжка
Ванільны цукар, цынамон: па 1 маленькай лыжцы

Прыгатаваньне:
1. Цукар расьцерці з маслам. Дадаць ваду, яйка, ванільны цукар і цынамон, усё добра перамяшаць. Усыпаць муку і разрыхляльнік, разьмяшаць. Урэшце дадаць шматкі і старанна перамяшаць.

2. Духоўку разагрэць да 175°С. Бляху змазаць маслам ці заслаць паперай для выпяканья. Цеста выкладаць лыжкай з адлегласьцю 6-7 см паміж печывам. Пячы 12-15 хвілінаў. Асьцюдзіць печыва не здымаючы з бляхі на працягу некалькіх хвілінаў. Печыва атрымліваецца цьвёрдзенькае і хрусткае. Смачна есьці!
jc_cookies.gif

Катлеты “Папараць-кветка”

Friday, October 19th, 2007

катлета папараць-кветка

На 2 порцыі:
Курынае філе: 2 кавалкі
Сыр: 40 гр.
Яйка: 1 шт.
Мука: 2 лыжкі
Сухары для паніраваньня: 3 лыжкі
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Для прыгатаваньня патрэбна філе таўшчынёй недзе да 0.7 см. Калі мяса занадта тоўстае, лепей разрэзаць на два больш тонкія пласткі, ці проста зрэзаць залішнюю таўшчыню.

2. Курынае філе трошкі адбіць. На край пакласьці сыр, згарнуць рулецікам.

3. Яйка расьцерці з сольлю. На асобныя талеркі насыпаць муку і сухары. Кожны рулецік укачаць у муку, пасьля абмакнуць у яйка і ўкачаць у сухары.

4. Смажыць на патэльні з усіх бакоў да зарумяньваньня. Падаваць гарачымі.

Летняя салата

Wednesday, October 17th, 2007

летняя салата
Простая, смачная і карысная салата

На 2 порцыі:
Памідоры: 2-3 шт.
Салата: 1 каліва
Пятрушка, кроп, зялёная цыбуля: ~ па 1 лыжцы
Соль
Сьмятана ці алей

Прыгатаваньне:
Памідоры парэзаць буйнымі кавалкамі. Салатнае лісьце нарэзаць упоперак палоскамі. Пятрушку, кроп, цыбулю пакрышыць. Усё зьмяшаць, пасаліць. Салату можна заправіць сьмятанай ці алеем.

Пячоначныя біткі

Monday, October 15th, 2007

пячоначныя біткі

Склад:
Ялавічная пячонка: 600гр.
Рыс: 1/3 шклянкі
Цыбуля: 1-2 шт.
Яйкі: 2 шт.
Соль: 3/4 мал. лыжкі
Спэцыі: чорны перац ці іншыя па смаку

Прыгатаваньне:
Згатаваць рыс, абабраць цыбулю. Пячонку перакруціць на мясарэзцы ці ў камбайне разам з цыбуляй. Дадаць рыс, яйкі, соль і спэцыі. Усё добра перамяшаць.
Смажыць на патэльні, як аладкі.

Аўсяныя аладкі

Friday, October 12th, 2007

аўсяныя аладкі

Для цеста:
Кефір: 1 шклянка
Аўсяныя шматкі хуткага прыгатаваньня: 1 шклянка
Мука пшанічная: 3/4 шклянкі
Яйкі: 2 шт.
Сода: 1/2 мал. лыжкі
Цукар: 1 лыжка
Ванільны цукар: 1/2 мал. лыжкі
Алей: 1 лыжка

Прыгатаваньне:
Кефір зьмяшаць з содай, даць пастаяць 5 хвілінаў ці трошкі болей. Дадаць аўсяныя шматкі, яйкі, цукар, алей, усё перамяшаць. Дадаць муку, перамяшаць. Цеста накладаць лыжкай на разагрэтую патэльню з алеем, смажыць да зарумяньваньня.
Падаваць можна з варэньнем, мёдам ці сьмятанай.

Дранікі

Wednesday, October 10th, 2007

дранікі

Склад:
Бульба: 1.5 кг
Яйкі: 2 шт.
Цыбуля: 1-2 шт.
Соль, алей

Прыгатаваньне:
Бульбу і цыбулю абабраць, надраць на дробнай тарцы, трошкі адціснуць. Дадаць яйкі, пасаліць. Выкладаць лыжкай на разагрэтую патэльню з алеем. Смажыць да зарумяньваньня з двух бакоў.

Шчаўе

Monday, October 8th, 2007

шчаўе суп

На 6 асобаў:
Мяса (курынае ці інш.): 300 гр.
Бульба: 3 шт.
Шчаўе варанае (ці кансэрваванае): 1 шклянка
Зеляніна: кроп, пятрушка
Спэцыі: 2 лаўровых лістка, чорны і духмяны перац – па 2 бобкі
Соль
Яйкі

Прыгатаваньне:
1. Зварыць мясны булён: мяса пакласьці ў рондаль, заліць халоднай вадой, давесьці да кіпеньня. Зьняць пенку, пасаліць, дадаць спэцыі, варыць каля 30 хвілінаў.

2. Калі шчаўе сьвежае, адварыць яго ў падсоленай вадзе 10 хвілінаў. Бульбу абабараць і дробна парэзаць. Дастаць мяса і спэцыі, усыпаць бульбу. Варыць 10-15 хвілінаў, каб згатавалася бульба. Мяса парэзаць кубікамі, пакласьці назад у рондаль. Пакрышыць зеляніну і пакласьці ў рондаль разам са шчаўем. Даць закіпець.

3. Падаваць са сьмятанай, у кожную талерку пакласьці палову яйка.