Archive for September, 2007

Фаршыраваныя перцы

Friday, September 28th, 2007

фаршыраваны перац

На 6-8 порцый:
Перац: 1,5 кг
Фарш (зь ялавічыны і сьвініны): 1 кг
Рыс: 1 шклянка
Яйка: 1
Спэцыі: 2 лаўровых лісткі, перац горкі і перац духмяны – па 2 бобкі
Молатыя спэцыі(насеньне кропу і кмену, лаўровы ліст, перац): 1 мал. лыжка
Морква: 2 шт.
Соль

Прыгатаваньне:
1. Рыс згатаваць зь дзьвюма шклянкамі вады, асьцюдзіць. Фарш зьмяшаць з молатымі спэцыямі і адной мал. лыжкай солі, дадаць рыс і яйка, добра перамяшаць.
2. Перцы ачысьціць ад насеньня, запоўніць фаршам.
3. На дно рондаля пакласьці парэзаную моркву, спэцыі, паверх шчыльна ўкласьці перцы, заліць халоднай вадой. Давесьці да кіпеньня, пасаліць, гатаваць 30-40 хвілінаў.

Талісман смажаны

Wednesday, September 26th, 2007

смажаная рыба

На 4 порцыі:
Талісман (філе): 1 кг
Яйка: 1 шт.
Мука: 3 лыжкі
Соль: 1/3 маленькай лыжкі
Алей

Прыгатаваньне:
Мяса талісмана даволі вадзяністае, таму рыбу патрэбна добра размарозіць.
Філе разрэзаць упоперак на палоскі шырынёй каля 2 сантымэтраў girl_prepare_fish.gif, яйка расьцерці з сольлю, муку высыпаць на пляскатую талерку. Кожны кавалачак рыбы абмакнуць у яйка, укачаць у муку з абодвух бакоў, смажыць на разагрэтай патэльні з алеем да падрумяньваньня.

Кнышы зь яблыкамі

Sunday, September 23rd, 2007

кнышы зь яблыкамі

Для цеста:
Дрожджы: 30 гр.
Малако: 400 мл.
Мука: ~900 гр.
Цукар: 1/2 шклянкі
Яйкі: 1 шт.
Сьметанковае масла: 60 гр.

Начынка:
Яблыкі: 4-5 сярэдняга памеру
Цукар: 3 лыжкі
Цынамон: 1 мал. лыжка

Прыгатаваньне:
1. Дрожджы раскрышыць, заліць адной шклянкай цёплага малака. Дадаць лыжку цукру і шклянку мукі. Усё перамяшаць, пакінуць рошчыну падыходзіць. Калі ўздымецца, перамяшаць і пакінуць яшчэ на 20-30 хвілінаў.

2. Расьцерці яйка з рэштай цукру і маслам, дадаць гэта ў рошчыну, таксама ўліць палову шклянкі малака і перамяшаць. Паступова дадаць муку, замясіць крутое цеста. Паставіць цеста ў цёплае месца на 1 гадзіну (у залежнасьці ад тэмпературы ў памяшканьні гэты час можа быць большы ці меншы).

3. Для начынкі: яблыкі абабраць, парэзаць кубікамі, дадаць цукар і цынамон. Усё добра перамяшаць.

4. Цеста раскатаць таўшчынёй 0.7 сантыметры, разрэзаць на невялікія квадраты. У цэнтар кожнага кавалку пакласьці начынку. Загарнуць капэртамі, ці сашчапіць краі і сфармаваць кругляшы. Верх можна ўпрыгожыць кавалачкамі цеста.

5. Духоўку разагрэць да 170˚. Кнышы выкласьці на бляху, пакрытую паперай для выпяканьня, змазаць жаўтком і пасыпаць цукрам. Пячы да зарумяньваньня.

Леча баўгарскае

Thursday, September 20th, 2007

баўгарскае леча

Склад:
Памідоры: 1 кг
Перац салодкі: 600 гр.
Цукар: 1 лыжка
Соль: 1 маленькая лыжка
Часнок: 2 зубкі

Прыгатаваньне:
1. Памідоры апусьціць у кіпень на хвілінку, зьняць скурку, парэзаць на кавалкі. Памідры можна працерці праз сіта, каб пазбавіцца насеньня. Варыць 30 хвілінаў.

2. Перцы ачысьціць ад насеньня, разрэзаць уздоўж на 4 часткі, парэзаць упоперак саломкай. У памідоры дадаць соль, цукар, здробнены часнок і парэзаны перац. Гатаваць яшчэ 30 хвілінаў, часам неабходна памешваць.

Падаваць можна ў любым выглядзе: гарачым ці халодным, як гарнір ці соус, ці як самастойную страву.

Агароднінны суп з рысам

Tuesday, September 18th, 2007

гароднінны суп з рысам

На 6 порцый:
Булён: 2 літры
Рыс: 1/3 шклянкі
Квяцістая капуста: 200 гр.
Брокалі: 200 гр.
Морква: 1-2 невялікія
Зеляніна

Прыгатаваньне:
Булён закіпяціць, дадаць рыс і паварыць 10 хвілінаў. Агародніну парэзаць і ўсыпаць у булён, гатаваць яшчэ 10 хв. (пасьля закіпаньня). Дадаць зеляніну, закрыць рондаль накрыўкай, даць пастаяць 10 хвілінаў.

Сырнікі

Monday, September 17th, 2007

сырнікі

На 10 сырнікаў:
Тварог: 250 гр.
Цукар: 2 лыжкі
Яйкі: 2 шт.
Мука: 5 лыжак

Прыгатаваньне:
1. Тварог разьмяць у місцы, дадаць цукар і яйкі, добра перамяшаць. Паступова дадаваць муку і перамешваць. Калі тварог сухі, мукі патрэбна меней.

2. Зь цеста сфармаваць маленькія ляпешкі таўшчынёй прыблізна 1 см. На разагрэтую патэльню ўліць алей, сырнікі абсмажыць з двух бакоў да падрумяньваньня.

3. Падаваць са смьтанай ці варэньнем.

Плоў

Saturday, September 15th, 2007

плоў

На 5-6 порцый:
Рыс: паўтары шклянкі
Мяса (сьвініна ці курыца): 600 гр.
Морква: 2 шт.
Соль, спэцыі (куркума, кроп, кмен, перац чорны і чырвоны)

Прыгатаваньне:
1. Рыс засыпаць у рондаль і заліць вадой (4 з паловай шклянкі). Давесьці да кіпеньня, пасаліць і дадаць куркуму, гатаваць 15 хв. на маленькім агні, потым закрыць накрыўкай, даць пастаяць яшчэ 15 хв.

2. Тымчасам мяса парэзаць, выкласьці на гарачую патэльню з алеем, падсмажыць на вялікім агні 5 хв., потым агонь паменьшыць. Моркву патаркаваць ці парэзаць саломкай, дадаць да мяса. Усё гэта пасаліць, дадаць спэцыі і тушыць каля 20 хвілінаў.

3. Выкласьці мяса ў рондаль з рысам, перамяшаць, даць пастаяць 10 хв.

Бліны з бульбай і грыбамі

Friday, September 14th, 2007

бліны з бульбай і грыбамі

На 10 бліноў:
Яйкі: 2 шт.
Малако: 2 шклянкі
Мука: 2 шклянкі
Алей ці таплёнае масла: 2 лыжкі
для начынкі:
Бульба: 400 гр.
Пячурыцы: 200 гр.
Соль, кроп

Прыгатаваньне:
1. Бульбу абабраць, зварыць і зрабіць пюрэ. Пюрэ мусіць быць ня вельмі густым, але і ня вадкім. Грыбы здрабніць, выкласьці на разагрэтую патэльню, дадаць соль і кроп, смажыць каля 15 хвілінаў. Зьмяшаць бюльбяное пюрэ з грыбамі – начынка гатовая.

2. Для бліноў: Яйкі узьбіць, зьмяшаць з 1 шклянкай малака, паступова дадаць муку і добра перамяшаць. Уліць алей(ці масла), перамяшаць і дадаць астатняе малако.
Пячы на разагрэтай патэльні, кожны блін каля 2 хв. cook.gif

3. Загарнуць начынку ў бліны. Можна есьці ў такім выглядзе, а можна яшчэ абсмажыць з двух бакоў на масьле ці алеі.

Каляровая салата

Wednesday, September 12th, 2007

каляровая салата

На 2 порцыі:
Памідоры: 1 чырвоны і 1 жоўты
Агуркі: 1 шт.
Перац (папрыка): 1 шт.
Сыр: 70 гр.
Сьмятана: 1 лыжка
Маянэз: 1 лыжка
Соль

Прыгатаваньне:
Агурок, памідоры, перац парэзаць, дадаць таркаваны ці парэзаны кубікамі сыр. Пасаліць, дадаць сьмятану з маянэзам, перамяшаць і зьесьці. :)

Бульбяны суп з брокалі

Friday, September 7th, 2007

бульбяны суп з брокалі

На 4 порцыі:
Бульба: 3 шт. сярэдняга памеру
Брокалі: 250 гр.
Цыбуля: 1 шт.
Плаўлены сыр: 100 гр.
Малако: 200 мл.
Соль, перац, зеляніна

Прыгатаваньне:
1. У рондалі закіпяціць 750 мл. вады. Дадаць туды здробненую цыбулю, бульбу і брокалі. Гатаваць 10 хвілінаў, потым пасаліць, дадаць спэцыі і зеляніну, і гатаваць яшчэ 10 хв. Пасьля перакласьці ў кухонны камбайн і зрабіць пюрэ.

2. Гатовае пюрэ падагрэць, дадаць туды таркаваны сыр, і паварыць каля 5 хвілінаў. Потым уліць малако і зноў падагрэць, не даводзячы да кіпеньня.

3. Суп гатовы. Засталося разьліць яго ў талеркі і ўпрыгожыць суквецьцямі брокалі.