Archive for the ‘Салаты’ Category

Зялёная салата зь яйкамі

Monday, June 16th, 2008

зялёная салата зь яйкамі

На 2 порцыі:
Агуркі: 2-3 шт. (кароткаплодныя)
Яйкі: 2-3 шт.
Зялёная цыбуля: невялікі пучок
Соль па смаку
Сьмятана: 2-3 лыжкі

Прыгатаваньне:
Агуркі парэзаць кубікамі, пакрышыць цыбулю, дадаць вараныя яйкі, пасаліць і паліць сьмятанай.

Селядзец пад футрам

Thursday, May 8th, 2008

селядзец пад футрам

Спатрэбіцца:
Селядзец: 250 гр.
Бульба: 2 шт.
Морква: 1-2 шт.
Яйкі: 2 шт.
Бурак: 1 шт.
Маянэз

Прыгатаваньне:
Гэты рэцэпт не самы традыцыйны, падыходзіць для тых, хто ня любіць цыбулю ў салатах. :)
Агародніну і яйкі згатаваць, астудзіць і аблупіць. Селядзец дробна парэзаць. Зрабіць салату слаямі наступным чынам (агародніну таркаваць адразу ў салатнік):
– бульба
– селядзец
– бульба
– морква
– яйкі
– бурак

Кожны слой паліць невялікай кольксьцю маянэзу, буракі добра заліць маянэзам. Пакінуць на 1-2 гадзіны, каб салата прапіталася. Зьверху пасыпаць зелянінай.

Вясновая салата

Wednesday, April 16th, 2008

вясновая салата

На 2 порцыі:
Салата зялёная: 8 лісткоў
Агуркі: 2 маленькія
Радзіска: 8 шт.
Зеляніна (цыбуля, кроп): па 2 лыжкі
Зярністы тварог: 150 гр.

Прыгатаваньне:
Салатнае лісьце парваць на часткі, выкласьці на талеркі. Паверх выкласьці скрылікі гуркоў і радзіскі, пасыпаць пасечанай зелянінай. Паверх выкласьці тварог і адразу есьці.
У тварог можна дадаць соль, калі хочацца, каб салата была больш салёнай.

Часночная салата з крабавым мясам

Saturday, February 16th, 2008

часночная салата з крабавым мясам

Спатрэбіцца:
Памідоры: 2-3 шт.
Пекінская капуста: 4 сярэднія лісты
Крабавае мяса: 200 гр.
Часнок: 2 зубкі
Маянэз, сьмятана: па 3 лыжкі
Соль: ~1/3 мал. лыжкі

Прыгатаваньне:
Часнок здрабніць і зьмяшаць з маянэзам, сьмятанай ды сольлю. Парэзаць памідоры, капусту і крабавае мяса, заправіць прыгатаваным часночным соусам.

“Марская” салата

Monday, January 14th, 2008

салата з марской капустай

Спатрэбіцца:
Марская капуста (марынаваная): 200 гр.
Крабавае мяса: 100 гр.
Яйкі вараныя: 2 шт.

Прыгатаваньне:
Марскую капусту парэзаць на палоскі па 2 см. Крабавае мяса і яйкі парэзаць кубікамі. Зьмяшаць усе складнікі, можна заправіць лыжачкай сьмятаны ці маянэзу.

Салата з гарошкам

Friday, November 23rd, 2007

зімовая салата з гарошкам

Склад:
Бульба: 2-3 шт.
Морква: 1 шт.
Яйкі: 3 шт.
Салёныя агуркі: 2-3 маленькія
Гарошак (кансэрваваны): 200-250 гр.
Кілбаса вараная (ці вар. ялавічына): 150-200 гр.
Маянэз: ~100 гр.
Соль

Прыгатаваньне:
Можа нехта забыўся на рэцэпт гэтай салаты :) .
Яйкі, бульбу, моркву зварыць і абабраць. Усё парэзаць маленькімі кубікамі, усыпаць гарошак, пасаліць, дадаць маянэз. Сюды ж можна дадаць зялёную цыбулю, салёны агурок замяніць сьвежым, а кансэрваваны гарошак адварным зялёным.

Летняя салата

Wednesday, October 17th, 2007

летняя салата
Простая, смачная і карысная салата

На 2 порцыі:
Памідоры: 2-3 шт.
Салата: 1 каліва
Пятрушка, кроп, зялёная цыбуля: ~ па 1 лыжцы
Соль
Сьмятана ці алей

Прыгатаваньне:
Памідоры парэзаць буйнымі кавалкамі. Салатнае лісьце нарэзаць упоперак палоскамі. Пятрушку, кроп, цыбулю пакрышыць. Усё зьмяшаць, пасаліць. Салату можна заправіць сьмятанай ці алеем.

Салата “Сланечнік”

Sunday, October 7th, 2007

салата Сланечнік

Склад:
Курынае мяса: 300 гр.
Сыр (напрыклад, “галяндзкі”): 100 гр.
Бульба: 3 шт.
Памідоры: 3 шт.
Перац салодкі: 1 шт. + 1 жоўты для ўпрыгожваньня
Масьліны: 8-10 шт.
Маянэз: 100 гр.
Соль

Прыгатаваньне:
1. Мяса і бульбу зварыць і ахалодзіць, бульбу абабраць. Курыцу, бульбу, памідоры і перац парэзаць кубікамі. Масьліны парэзаць паўколцамі, сыр пацерці на буйной тарцы. Усё зьмяшаць, пасаліць, дадаць маянэз і перамяшаць.

2. Салату выкласьці ў глыбокую талерку. Перац парэзаць на кавалкі ў выглядзе пялёсткаў, раскласьці вакол салаты.

Каляровая салата

Wednesday, September 12th, 2007

каляровая салата

На 2 порцыі:
Памідоры: 1 чырвоны і 1 жоўты
Агуркі: 1 шт.
Перац (папрыка): 1 шт.
Сыр: 70 гр.
Сьмятана: 1 лыжка
Маянэз: 1 лыжка
Соль

Прыгатаваньне:
Агурок, памідоры, перац парэзаць, дадаць таркаваны ці парэзаны кубікамі сыр. Пасаліць, дадаць сьмятану з маянэзам, перамяшаць і зьесьці. :)