Archive for the ‘грыбы’ Category

Зразы з грыбамі

Monday, June 2nd, 2008

zrazy_z_hrybami.jpg

Спатрэбіцца:
Грыбы (пячурыцы ці інш.): 200 гр.
Мяса (нятлустая сьвініна): 600 гр.
Цыбуля: 2 шт.
Бульба вараная: 1 шт.
Белы хлеб: 1 скібка
Малако: 1/2 шклянкі
Яйкі: 1 шт.
Соль, перац
Алей

Прыгатаваньне:
1. Грыбы і адну цыбуліну дробна парэзаць. Цыбулю пасераваць у алеі да празрыстасьці, дадаць грыбы і смажыць, пакуль ня выпарыцца вадкасьць. Грыбы пасаліць і смажыць яшчэ некалькі хвілінаў.

2. Белы хлеб або батон замачыць у цёплым малацэ, пакінуць, каб набрыняў.
Мяса разам з бульбай, цыбуляй і белым хлебам здрабніць на мясарэзцы. Дадаць яйка, соль, спэцыі, добра перамяшаць. Вільготнымі рукамі зрабіць з фаршу кружкі, на сэрэдзіну кожнага пакласьці грыбы, сфармаваць зразы. Абсмажыць з двух бакоў на невялікім агні да румянай скарынкі.

Курыныя галёнкі з грыбамі

Sunday, May 11th, 2008

курыныя галёнкі з грыбамі

Спатрэбіцца:
Курыныя галёнкі: 4 шт.
Цыбуля: 1 шт.
Грыбы: 150 гр.
Соль, чорны перац
Алей

Прыгатаваньне:
1. Цыбулю і грыбы дробна парэзаць і абсмажыць.

2. З галёнак зьняць скуру зьверху ўніз, каб атрымаліся “панчохі”. Унізе можна пакінуць кавалачак косткі, ці зняць да канца і зьнізу скурку закалоць зубачысткай. Мяса аддзяліць ад костак і здрабніць.

3. Зьмяшаць мяса з грыбамі і цыбуляй, дадаць соль і перац. Гэтым фаршам напоўніць скуркі галёнак, выкласьці на змазаную алеем бляху і запякаць да румянай скарынкі.

Бульбяныя кошыкі з грыбамі

Saturday, April 19th, 2008

бульбяныя кошыкі з грыбамі

Спатрэбіцца:
Бульба: 1 кг
Соль (для бульбы)
Пячурыцы: 200 гр.
Алей: 1-2 лыжкі
Соевы соус: 1-2 лыжкі
Сыр цьвёрды: 70 гр.
дадаткова:
кулінарны мяшэчак (з насадкай “зорачка”)

Прыгатаваньне:
1. Згатаваць бульбу ў падсоленай вадзе, адцадзіць, пакінуўшы кубак адвару. Бульбу патаўчы, дадаць бульбяны адвар ці малако(~100 мл), каб атрымалася аданароднае пюрэ – яно мусіць быць ня надта густым і ня надта вадкім, каб потым дастаткова лёгка выціскалася і ў той жа час магло трымаць форму.

2. Грыбы дробна парэзаць, падсмажыць, напрыканцы дадаць соевы соус і трошкі патушыць.

3. Разагрэць духоўку да 200-220° С. Бляху заслаць паперай для выпяканьня ці змазаць алеем. Кулінарны мяшэчак запоўніць цёплай бульбай. Выціскаць па колу, каб атрымалася дно, а потым па колу ўверх, каб утварыўся кошык. Асобна на бляху выціснуць ручку для кошыка. Зрабіць тое самае з астатняй бульбай. Кошыкі запоўніць грыбамі, зьверху пасыпаць сырам. Запякаць 10-15 хвілінаў, потым трошкі астудзіць, прымацаваць ручкі.

Калдуны з грыбамі

Monday, March 10th, 2008

калдуны з грыбамі

Спатрэбіцца:
Бульба: 2 кг
Цыбуля: 1-2 шт.
Яйкі: 1 шт.
Соль, алей
для начынкі:
Грыбы (пячурыцы): 300 гр.
Цыбуля: 1-2 шт.
Соль

Прыгатаваньне:
1. Падрыхтаваць начынку: грыбы і цыбулю дробна парэзаць і падсмажыць.

2. Бульбу і цыбулю абабраць, дробна патаркаваць. Адціснуць з бульбы сок, каб атрымалася даволі густая маса. Дадаць соль, яйка, дбайна перамяшаць.

3. З бульбы зрабіць ляпешку, у цэнтар пакласьці грыбную начынку, загарнуць краі і сфармаваць піражок. Зрабіць тое самае з астатняй бульбай. Смажыць на сярэднім агні да зарумяньваньня. Падаваць са сьмятанай.

Аўсяныя катлеткі з грыбамі

Sunday, March 2nd, 2008

аўсяныя катлеты з грыбамі

Спатрэбіцца:
Аўсяныя шматкі: 1.5 шклянкі
Манныя крупы: 2 лыжкі
Грыбы: 200 гр.
Булён: 1.5 шкл.
Яйкі: 1 шт.
Зеляніна (кроп, пятрушка): 2 лыжкі
Соль, перац, іншыя спэцыі па смаку
Алей

Прыгатаваньне:
1. Зьмяшаць шматкі і манку, заліць гарачым булёнам і пакінуць на 20 хвілінаў. Калі выкарыстоўваюцца шматкі хуткага прыгатаваньня, дастаткова 5-10 хв.

2. Грыбы пакрышыць, падсмажыць, дадаўшы сечаную зеляніну.

3. Да шматкоў дадаць грыбы, яйка, соль і спэцыі. На разагрэтую патэльню катлеты выкладаць лыжкай, смажыць з двух бакоў да падрумяньваньня.

Расольнік з грыбамі

Sunday, February 24th, 2008

расольнік з грыбамі

На 6 порцый:
Ячневыя крупы: 1/2шклянкі
Пячурыцы: 200 гр.
Бульба: 2 шт.
Морква: 1 шт.
Салёныя агуркі: 4-5 лыжак (таркаваных)
Зялёны кроп
Соль, Алей

Прыгатаваньне:
Ячневыя крупы заліць халоднай вадой і пакінуць на некалькі гадзінаў, можна на ноч. Потым прамыць, заліць вадой і гатаваць да мяккасьці. Дадаць парэзаную бульбу і моркву, пасаліць. Грыбы пакрышыць, абсмажыць і таксама дадаць у суп. Таркаваныя гуркі патушыць на патэльні 10-15 хвілінаў, дадаць у рондаль, калі бульба стане мяккай. Можна дадаць трошкі расолу. Усыпаць кроп, паварыць 5 хвілінаў. Можна есьці адразу, але лепей, каб расольнік настаяўся гадзіну-дзьве.

Грэцкая каша з грыбамі

Monday, February 11th, 2008

грэцкая каша з грыбамі

На 4 порцыі:
Грэцкія крупы: 1 шклянка
Пячурыцы: 300 гр.
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Пячурыцы памыць і дробна парэзаць. На разагрэтую патэльню наліць 2-3 лыжкі алею, усыпаць грыбы і смажыць на маленькім агні, пакуль не выпарыцца вадкасьць. Напрыканцы дадаць 1/4 мал. лыжкі солі.

2. Згатаваць рассыпістую грэцкую кашу: на 1 шклянку круп дадаць 2 шкл. вады, закіпяціць, зьменьшыць агонь, пасаліць і варыць пад накрыўкай, пакуль ня выпарыцца вада. Пакінуць настаяцца яшчэ 8-10 хвілінаў.

3. У кашу дадаць грыбы, перамяшаць.

Галубцы з грэчкай і грыбамі

Tuesday, January 29th, 2008

галубцы з грэчкай і грыбамі

На 4 порцыі:
Грэцкія крупы: 2/3 шклянкі
Сушаныя грыбы: 25 гр. (ці 200 гр. сьвежых)
Цыбуля: 1 шт.
Яйка: 1 шт.
Пекінская капуста: 8 лісткоў
Зялёны кроп, лаўровы ліст, соль

Прыгатаваньне:
1. Сухія грыбы замачыць на 3-4 гадзіны, прамыць, адварыць на працягу 30-40 хвілінаў. Грыбы дробна парэзаць, пасаліць, і смажыць разам з цыбуляй і кропам 5-7 хвілінаў.

2. Зварыць грэцкую кашу, дадаць да яе грыбы, яйка, добра перамяшаць.

4. Капуснае льсьце бланшыраваць у падсоленай вадзе 1 хвіліну. З кожнага ліста зрэзаць цьвёрдую жылку, пакласьці лыжку начыньня і загарнуць. Падрыхтаваныя галубцы выкласьці ў рондаль ці глыбокую патэльню, заліць да паловы грыбным булёнам, пасаліць, дадаць лаўровы ліст, тушыць 15-20 хвілінаў.

Рыс з грыбамі

Wednesday, November 21st, 2007

рыс з грыбамі

На 4 порцыі:
Рыс: 1 шклянка
Грыбы: 200-300 гр.
Морква, цыбуля: па 1 шт.
Алей, соль

Прыгатаваньне:
Грыбы дробна парэзаць, падсмажыць на алеі разам з морквай і цыбуляй. Усыпаць рыс і смажыць яшчэ 2-3 хвіліны. Дадаць 2 шклянкі вару, падсаліць, даць закіпець. Пасьля зрабіць агонь як мага малым, закрыць патэльню накрыўкай з адтулінай і варыць 15 хвілінаў. Адключыць, пакінуць яшчэ на 5-10 хвілінаў.

Бульбянікі з грыбамі

Thursday, November 1st, 2007

бульбянікі з грыбамі

Для цеста:
Бульба: 1кг
Яйкі: 1 шт.
Мука: 2-3 лыжкі
Соль

Для начынкі:
Грыбы (пячурыцы ці інш.): 250гр.
Алей: 2 лыжкі
Соль

Прыгатаваньне:
1. Бульбу абабраць, зварыць у падсоленай вадзе, адцадзіць і патаўчы. Трошкі асьцюдзіць, дадаць яйка, перамяшаць. Усыпаць муку і добра перамяшаць.

2. Грыбы дробна парэзаць, смажыць на патэльні з алеем, пакуль ня выпарыцца вадкасьць. Падчас смажаньня грыбы патрэбна пасаліць.

3. Бульбу ўзяць лыжкай, укачаць у муку, зрабіць ляпешку, на сярэдзіну пакласьці грыбы, краі злучыць, каб атрымаўся круглы піражок. Зрабіць тое самае з усім цестам. Абсмажыць на разагрэтай патэльні ў невялікай колькасьці алею з двух бакоў.