Archive for the ‘Стравы з агародніны’ Category

Аладкі з кабачкоў

Thursday, June 12th, 2008

аладкі з кабачкоў

Спатрэбіцца:
Кабачок або цукіні: 500 гр.
Яйкі: 1-2 шт.
Мука: 2-3 лыжкі
Соль: ~1/3 мал. лыжкі
Алей для смажаньня

Прыгатаваньне:
З кабачка зьняць скурку і, калі патрэбна, ачысьціць ад насеньня. Падзерці яго на тарцы з буйнымі дзірачкамі, дадаць соль, яйкі, перамяшаць. Усыпаць муку, дбайна разьмяшаць і смажыць на алеі да залацістага колеру.

Бульбяное печыва

Saturday, February 9th, 2008

бульбяное печыва да піва

Склад:
Бульба: 800 гр.
Алей: 100 мл.
Соль: 1 мал. лыжка (бяз горкі)
Сода: 1/2 мал. лыжкі
Расол: 50 мл. (ці паўлыжкі воцату)
Мука: 1 шклянка
Кунжут ці каляндра, кмен – на свой густ

Прыгатаваньне:
Бульбу зварыць, абабраць, патаўчы пакуль гарачая ці дробна натаркаваць. Дадаць соль, зьмяшаную з расолам соду, алей, добра перамяшаць. Дадаць муку і замясіць цеста.
Цеста раскатаць таўшчынёй ~0.5 см, разрэзаць на палоскі, выкласьці на змазаную алеем бляху, пасыпаць кунжутам, пячы ў разагрэтай духоўцы да зарумяньваньня.
Падаваць да піва. :piva:

Галубцы з грэчкай і грыбамі

Tuesday, January 29th, 2008

галубцы з грэчкай і грыбамі

На 4 порцыі:
Грэцкія крупы: 2/3 шклянкі
Сушаныя грыбы: 25 гр. (ці 200 гр. сьвежых)
Цыбуля: 1 шт.
Яйка: 1 шт.
Пекінская капуста: 8 лісткоў
Зялёны кроп, лаўровы ліст, соль

Прыгатаваньне:
1. Сухія грыбы замачыць на 3-4 гадзіны, прамыць, адварыць на працягу 30-40 хвілінаў. Грыбы дробна парэзаць, пасаліць, і смажыць разам з цыбуляй і кропам 5-7 хвілінаў.

2. Зварыць грэцкую кашу, дадаць да яе грыбы, яйка, добра перамяшаць.

4. Капуснае льсьце бланшыраваць у падсоленай вадзе 1 хвіліну. З кожнага ліста зрэзаць цьвёрдую жылку, пакласьці лыжку начыньня і загарнуць. Падрыхтаваныя галубцы выкласьці ў рондаль ці глыбокую патэльню, заліць да паловы грыбным булёнам, пасаліць, дадаць лаўровы ліст, тушыць 15-20 хвілінаў.

Квяцістая капуста ў кляры

Wednesday, November 14th, 2007

Квяцістая капуста ў кляры

На 2 порцыі:
Квяцістая капуста: 500-600 гр.
Яйкі: 1 шт.
Маянэз: 3 лыжкі
Мука: 2 лыжкі
Соль, алей

Прыгатаваньне:
1. Капусту разабраць на суквецьці, адварыць у падсоленай вадзе 2-3 хвіліны. Зьліць ваду, асьцюдзіць і падсушыць.

2. Яйка раскалаціць з маянэзам, дадаць муку і перамяшаць. Уліць сумесь у капусту, асьцярожна перамяшаць.

3. Алей разагрэць на патэльні. Суквецьці выкласьці ў патэльню і абсмажыць з усіх бакоў да залацістага колеру.

Агародніна з рысам

Monday, October 29th, 2007

гародніна з рысам

На 4 порцыі:
Агародніна (любая на свой густ): ~400 гр.
Рыс: 1 шклянка
Булён (мясны ці з агародніны): 2 шклянкі
Алей: 1 лыжка
Соль

Прыгатаваньне:
1. У глыбокай патэльні разагрэць алей, дадаць рыс і памешваючы падсмажыць яго 2 хвіліны. Дадаць гарачы падсолены булён, перамяшаць рыс, даць закіпець. Пасьля зрабіць агонь як мага малым, закрыць патэльню накрыўкай з адтулінай і варыць 15 хвілінаў. Падчас варкі уздымаць накрыўку і памешваць рыс не патрэбна. Адключыць рыс, пакінуць яшчэ на 5-10 хвілінаў.

2. Пакуль гатуецца рыс, агародніну парэзаць і адварыць у падсоленай вадзе 5-7 хвілінаў. Зьліць ваду, зьмяшаць агародніну з рысам. Падаваць як гарнір ці як самастойную страву.

Брокалі запечаная з сырам

Tuesday, October 23rd, 2007

брокалі запечаная з сырам

На 2 порцыі:
Брокалі: 400 гр.
Яйкі: 2 шт.
Сьмятана: 100 гр.
Сыр: 100 гр.
Алей ці масла: 1 лыжка

Прыгатаваньне:
Брокалі разабраць на суквецьці, адварыць у падсоленай вадзе 3-4 хвіліны. Яйкі узьбіць са сьмятанай, дадаць таркаваны сыр.
Нагрэць духоўку да 200°С. Форму змазаць алеем ці маслам, выкласьці брокалі, заліць сырнай сумесьсю. Запякаць каля 10 хвілінаў.

Летняя салата

Wednesday, October 17th, 2007

летняя салата
Простая, смачная і карысная салата

На 2 порцыі:
Памідоры: 2-3 шт.
Салата: 1 каліва
Пятрушка, кроп, зялёная цыбуля: ~ па 1 лыжцы
Соль
Сьмятана ці алей

Прыгатаваньне:
Памідоры парэзаць буйнымі кавалкамі. Салатнае лісьце нарэзаць упоперак палоскамі. Пятрушку, кроп, цыбулю пакрышыць. Усё зьмяшаць, пасаліць. Салату можна заправіць сьмятанай ці алеем.

Леча баўгарскае

Thursday, September 20th, 2007

баўгарскае леча

Склад:
Памідоры: 1 кг
Перац салодкі: 600 гр.
Цукар: 1 лыжка
Соль: 1 маленькая лыжка
Часнок: 2 зубкі

Прыгатаваньне:
1. Памідоры апусьціць у кіпень на хвілінку, зьняць скурку, парэзаць на кавалкі. Памідры можна працерці праз сіта, каб пазбавіцца насеньня. Варыць 30 хвілінаў.

2. Перцы ачысьціць ад насеньня, разрэзаць уздоўж на 4 часткі, парэзаць упоперак саломкай. У памідоры дадаць соль, цукар, здробнены часнок і парэзаны перац. Гатаваць яшчэ 30 хвілінаў, часам неабходна памешваць.

Падаваць можна ў любым выглядзе: гарачым ці халодным, як гарнір ці соус, ці як самастойную страву.

Агароднінны суп з рысам

Tuesday, September 18th, 2007

гароднінны суп з рысам

На 6 порцый:
Булён: 2 літры
Рыс: 1/3 шклянкі
Квяцістая капуста: 200 гр.
Брокалі: 200 гр.
Морква: 1-2 невялікія
Зеляніна

Прыгатаваньне:
Булён закіпяціць, дадаць рыс і паварыць 10 хвілінаў. Агародніну парэзаць і ўсыпаць у булён, гатаваць яшчэ 10 хв. (пасьля закіпаньня). Дадаць зеляніну, закрыць рондаль накрыўкай, даць пастаяць 10 хвілінаў.

Бульбяны суп з брокалі

Friday, September 7th, 2007

бульбяны суп з брокалі

На 4 порцыі:
Бульба: 3 шт. сярэдняга памеру
Брокалі: 250 гр.
Цыбуля: 1 шт.
Плаўлены сыр: 100 гр.
Малако: 200 мл.
Соль, перац, зеляніна

Прыгатаваньне:
1. У рондалі закіпяціць 750 мл. вады. Дадаць туды здробненую цыбулю, бульбу і брокалі. Гатаваць 10 хвілінаў, потым пасаліць, дадаць спэцыі і зеляніну, і гатаваць яшчэ 10 хв. Пасьля перакласьці ў кухонны камбайн і зрабіць пюрэ.

2. Гатовае пюрэ падагрэць, дадаць туды таркаваны сыр, і паварыць каля 5 хвілінаў. Потым уліць малако і зноў падагрэць, не даводзячы да кіпеньня.

3. Суп гатовы. Засталося разьліць яго ў талеркі і ўпрыгожыць суквецьцямі брокалі.